ЦУСІ́МСКІ БОЙ 1905, Цусімская бітва,

вырашальная марская бітва ў Карэйскім праліве каля а-воў Цусіма 27—28.5.1905 у руска-японскую вайну 1904—05. Адбылася пасля Порт-Артура абароны 1904—05 і гібелі 1-й Ціхаакіянскай эскадры, калі на Д. Усход прыбылі з Балт. мора 2-я і 3-я Ціхаакіянскія эскадры. Напярэдадні Ц.б. яны злучыліся пад агульным камандаваннем віцэ-адм. З.​П.​Ражэственскага (30 баявых караблёў, 228 гармат) і падышлі да Карэйскага праліва (накіроўваліся ва Уладзівасток). У ходзе Ц.б. яп. флот (121 баявы карабель, 910 гармат; каманд. адм. Х.​Тога), які меў перавагу ў колькасці і хуткасці караблёў, артыл. узбраенні, разбіў лінейны баявы парадак рас. эскадры. 20 рас. караблёў, з іх 8 эскадраных браняносцаў, патоплены, 5 здаліся ў палон, у т. л. 2 эскадраныя браняносцы; 5 тыс. матросаў і афіцэраў загінулі і патанулі. Некалькі караблёў, у т. л. крэйсер «Аўрора», здолелі прарвацца ў Манілу і Шанхай. Ва Уладзівасток прабіліся 3 караблі. У яп. флоце патоплены 3 мінаносцы і больш за 10 мінаносцаў пашкоджаны; 116 чал. былі забітыя і 538 параненыя. Сярод рас. маракоў — удзельнікаў Ц.б. былі і ўраджэнцы Беларусі: А.​Р.​Арлоў, А.​К.​Грыб, В.​Ф.​Кот, С.​В.​Хруцкі і інш. Разгром сіл рас. флоту ў Ц.б. азначаў канчатковае паражэнне Расіі ў вайне.

Літ.:

Золотарев В.А., Козлов И.А. Русско-японская война 1904—1905 гг.: Борьба на море. М., 1990;

Доценко В.Д. Морские битвы России, XVIII—XX вв. СПб., 1999;

Озеров К., Озеров Г. Правда о броненосце «Сисой Великий» (Цусима). 2 изд. Вильнюс, 2003;

Адамянц-Подъяков В. Герои Цусимы — наши земляки // Заря. 2002. 10 окт.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 17, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)